Ражджэственскае пасланне
Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта,
Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі
і ўсе
верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
У
час радаснага свята Ражджаства Хрыстовага мы з асаблівым натхненнем паўтараем
словы Вечнадзевы Марыі, якімі Яна абвесціла пра Сына Свайго Іісуса, Які
меў прыйсці ў свет: «Велічае душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух Мой у
Богу, Спасіцелі Маім» (Лк. 1: 46–47).
Наша
сумесная радасць з Прачыстай Маці не дарэмная. Бо, паводле вучэння Царквы,
кожная душа, якая шчыра імкнецца да Бога, спадабляецца насіць у сабе іскрынку
Божае благадаці. Не выпадкова і айцы старажытнай Царквы, як, напрыклад,
свяшчэннамучанік Ігнацій Антыяхійскі, іменаваліся Баганосцамі, таму што
ў іх сэрцах неадступна знаходзіўся Сам Гасподзь.
Але не
толькі старажытнасць упрыгожана святасцю. І ў наш далёкі ад Ражджаства
Хрыстовага час усе мы, паслядоўнікі Яго, пакліканы да ўдзелу ў радасці,
абвешчанай Дзевай Марыяй праведнай Елісавеце: «Ад гэтага часу будуць
зваць Мяне блажэннай усе роды» (Лк. 1: 48). Бо Сам Гасподзь, звяртаючыся
да тых, хто выконвае Яго волю, кажа: «Каб радасць Мая ў вас была і каб
радасць ваша была поўная» (Ін. 15: 11).
Паўната
гэтай святой радасці заключаецца ў тым, што і Прасвятая Багародзіца, і
святыя Баганосцы станавіліся абіцеллю (Ін. 14: 23), у якой знаходзіцца
Айцец, Сын і Дух Святы. Такое жыццё з Богам і ў Богу з’яўляецца сэнсам
нашага з вамі існавання ў гэтым дольнім свеце. Мы дакранаемся да гэтага
жыцця ў святых царкоўных таінствах, дзеля яго мы здзяйсняем нашы
пасільныя подзвігі малітваў і посту.
І вось
сёння мы святкуем Ражджаство Хрыстова! Перад намі ў Віфлеемскіх яслях
ляжыць Дзіця Запавету: Сын Божы и Сын Чалавечы. Лагоднасць і
пакорлівасць Бога, Які ўмясціўся ў яслях, кожны раз уражваюць нашы сэрцы,
звыклыя з мітуслівым светам. Спавіваючы Свайго Сына, Марыя зноў, нібы
расой, акрапляе нашы душы трапятаннем і замілаваннем, бо з Ёю разам мы
бачым у Дзіцятку — Бога, нашу сапраўдную надзею і спадзяванне, крыніцу
дасканалай радасці.
Святкаванне Ражджаства Хрыстовага яўляе чалавечаму роду цуд. Бо
немагчыма прызвычаіцца да таго, што «Дзева сёння нараджае Вышэйшага за
ўсялякую істоту» (кандак Ражджаства Хрыстовага). Гэты цуд навучае і нас
са шчырай руплівасцю і клопатам ставіцца да ўсяго, што ў веку гэтым
уяўляецца нам малым і слабым, але, разам з тым, шматкаштоўным.
Больш
за ўсё гэта датычыцца дзяцінства. У кожным дзіцяці, якое прыходзіць у
свет, мы можам і павінны малітоўна чакаць прадцечу спасення нашых сем’яў,
грамадства і свету. Безабароннасць і крохкасць дзяцінства няхай не
перашкаджаюць нашаму спадзяванню на дзяцей, якія цяпер прыходзяць у гэты
свет. Бо ангелы Божыя з’яўляюцца ахавальнікамі тых тайнаў, якія Гасподзь
рыхтуе нам у кожным нованароджаным дзіцяці.
Менавіта ангельскае воінства абвесціла тайну Ражджаства Хрыстовага
віфлеемскім пастухам. Яны ўбачылі, як «раптам з’явілася з Ангелам
шматлікае воінства нябеснае, усхваляючы Госпада і прамаўляючы: слава ў
вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2: 14).
Гэтае
Віфлеемскае адкравенне пераконвае нас у тым, наколькі вялікая сіла Божай
любові, якая адкрываецца ў сонме ангельскіх воінстваў. Яны абвяшчаюць
нам волю Божую, яны ж сваім славаслоўем указваюць нам шляхі да спасення.
Таму
што менавіта ўзносячы славу «у вышніх Богу», нашаму Тварцу, мы робімся
здольнымі дасягнуць спасіцельнага міру ў саміх сабе! Але для гэтага перш
за ўсё неабходна, каб у нашых сэрцах пачала дзейнічаць добрая воля, каб
мы шчыра імкнуліся заўсёды праяўляць добрую волю да Бога і да свайго
бліжняга. Нам трэба ў сэрцах сваіх узрасціць думку пра тое, што радасць
ўдзячнасці — гэта праца, праца хаджэння чалавека перад Богам.
Як
знамянальна, што гэтае Ангельскае павучэнне было дадзена людзям якраз у
ноч Ражджаства Іісуса Хрыста — Сына Божага, Сына Челавечага! З паслання
апостала Паўла мы ведаем, што Хрыстос Спасіцель, «Адзін са Святой
Троіцы», у дні Свайго зямнога жыцця быў такім самым челавекам, як мы, і
быў «як і мы, спакушаны ва ўсім, акрамя граху» (Яўр. 4: 16).
Мы
ведаем і заклікі Святых Айцоў да таго, каб кожны хрысціянін усімі сваімі
сіламі імкнуўся быць падобным да Госпада Іісуса Хрыста — новага Адама,
дасканалага ў духоўнай барацьбе і ў дасягненні перамогі над смерцю, якую
апостал Павел называе нашым «апошнім ворагам» (1 Кар. 15: 26).
Але як
і з чаго пачаць чалавеку, асабліва ў юным узросце, сваё ўзыходжанне да
Бога? Як сумясціць у зямным жыцці ўсю шырыню Нябёсаў і веліч Вечнасці з
даляглядам нашай паўсядзённасці і з марнасцю жыццёвай мітусні? Не
выпадкова мы задумваемся пра гэта сёння, калі пачынаецца Новы год
добрасці Божай.
І як
заўсёды, адказ на гэтае пытанне мы знаходзім у Бібліі: «Ухіляйся ад зла
і рабі дабро, шукай міру і следуй за ім» (Пс. 33: 15). Падобна да
Ражджэственскага славаслоўя Ангелаў, гэтая запаведзь з’яўляецца самым
дасканалым педагагічным правілам і для юнака, і для старца, і для
дзіцяці, і для яго бацькоў.
Рабіць
дабро — гэта нашае хрысціянскае пакліканне ў свеце. Вось чаму,
становячыся старэйшымі, нашы дзеці павінны бачыць перад сабою прыклады
дабрадзейнасці і ў сям’і, і ў грамадстве, каб змоладу вучыцца любові да
Бога і да чалавека. Яны могуць з дзейснай і малітоўнай дапамогай
старэйшых, навучыцца адрозніваць дабро і зло і выбіраць першае,
ухіляючыся ад зла. Тым больш, што ў дзецях глыбей развіты прыродныя
пачуцці праўды і справядлівасці, міласэрнасці і спачування, якія хоць і
могуць прытупіцца з гадамі, але робяцца ўсё больш запатрабаванымі па
меры ўзрастання чалавека.
Пошук
міру ўласцівы сталаму ўзросту, бо з гадамі ўсё больш зразумелым і
жаданым робіцца здзяйсненне закліку прападобнага айца нашага Серафіма
Сароўскага: «Здабудзь дух мірны, і тысячы вакол цябе спасуцца».
І,
нарэшце, на схіле гадоў для чалавека асабліва жаданай робіцца магчымасць
атрымаць асалоду таго міру, які ён узрошчваў на працягу ўсяго свайго
жыцця.
Узлюбленыя браты і сёстры! У надыходзячым годзе споўніцца чвэрць
стагоддзя з таго часу, як нашаю Маці-Царквою было ўстаноўлена
святкаванне ў гонар Сабора Беларускіх святых.
За
гэтыя гады Сабор значна павялічыўся! Мы ўдзячны Госпаду за тое, што Ён
адкрывае імёны нашых нябесных хадайнікаў. Ведаючы гэтыя імёны, мы
малітоўна звяртаемся да беларускіх святых і праслаўляем іх, радуючыся
той перамозе праўды Божай, якая ўмацоўваецца іх подзвігам.
Успамінам пра гэтую памятную гадавіну мы
працягваем асэнсаванне 1020-годдзя Хрышчэння Русі — гэтай трыадзінай
урачыстасці, якая аб’яднала рускі, украінскі і беларускі народы. І сёння
мы з асаблівай яснасцю ўсведамляем, што 25 гадоў таму, калі пра змены ў
жыцці краіны ніхто не мог і падумаць, а духоўнае праабражэнне гістарычна
хрысціянскіх народаў і адраджэнне Праваслаўнай Царквы здавалася справай
вельмі далёкай, — мы пачалі сваё духоўнае адраджэнне з малітоўнага
звароту да нашых святых суайчыннікаў.
І яны
адклікнуліся ўсёю сілаю сваіх сэрцаў! Бо нашы набожныя продкі вельмі
жадаюць, каб падобна да іх і мы, жыхары XXI стагоддзя, маглі стаць
суграмадзянамі святым і сваімі Богу, паводле натхнёных слоў апостала
Паўла (Эф. 2: 19).
Многія
імёны нашых беларускіх мучанікаў былі ўнесены ў святцы па благаславенню
Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія Другога, які спачыў
у дні пасвята Увядзення Багародзіцы ў храм. Пад яго ж святым амафорам
прайшлі святкаванні юбілею Хрышчэння Русі. Ён быў вялікім працаўніком,
які ўсё жыццё прысвяціў служэнню Маці-Царкве і народу Божаму. Да
святкавання Юбілею быў прымеркаваны VI апостальскі візіт Свяцейшага
Патрыярха ў Беларусь. Адпраўляючы богаслужэнні ў гарадах нашай
Бацькаўшчыны, Яго Свяцейшаства, сапраўды ўмацоўваў веру нашу «не на
мудрасці чалавечай, а на сіле Божай» (1 Кар. 2: 5).
Яго
малітвамі і свяціцельскім подзвігам адраджаліся душы нашых суайчыннікаў
пасля дзесяцігоддзяў жыцця без Бога. І гэтае адраджэнне было сапраўдным
увядзеннем у храм для ўсёй нашай Айчыны, якая назаўсёды захавае ў сваіх
сэрцах вобраз добрага пастыра зямлі Рускай, Свяцейшага Патрыярха Аляксія.
Дарагія
браты і сёстры! У гэтыя святыя дні Ражджаства мы накіроўваем нашы
вітанні да ўсіх адзінаверных братоў і сясцёр нашых, да суайчыннікаў,
якія жывуць па ўсім абліччы зямлі, і да ўсіх бліжніх і дальніх: «Хрыстос
нараджаецца — слаўце! Хрыстос з нябёсаў — сустракайце! Хрыстос на зямлі
— ўзносцеся!» (1-я песня канона Ражджаства).
Хрыстос
пасярод нас — і ёсць, і будзе! Амінь.
+
Філарэт
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы
Экзарх усяе Беларусі.
Ражджаство
Хрыстова
2008 /
2009
Мінск
Русский
|