Официальный портал Белорусской Православной Церкви

 

Ражджэственскае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Слава Табе, што паказаў нам Святло!

ялікае славаслоўе утрані)

 

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі

і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

 

У дні Ражджаства Хрыстовага мы з асаблівай яснотай усведамляем, што нараджэнне ў чалавечым свеце Госпада нашага Іісуса Хрыста — гэта свята вялікага асвятлення чалавечага роду Святлом Ісціны.

Чаму ў нашай мове слова ісціна, як і слова “святло”, звычайна не ўжываецца ў множным ліку? Таму што яна не бывае дваістай, бо Ісціна — заўсёды ад Бога. Гэта аб праўдзе кажуць, што яна, маўляў, у кожнага свая. І таму разнадумствы і супярэчнасці раздзіраюць чалавечую супольнасць, нібы старую шату.

У Ражджастве Сына Божага Іісуса Хрыста ажыццявілася шматвекавая мара людзей, якая задоўга да гэтай падзеі была прадказаная ў ПсалтырыМіласць і ісціна сустрэнуцца, праўда і мір пацалуюцца,абвяшчае Старазапаветнае Пісанне, —  ісціна ўзнікне з зямлі, і праўда прыхіліцца з неба” (Пс. 84: 11–12).

Праўда Божая прыхілілася з неба ў дзень Благавешчання Вечнадзевы Марыі, і Бажэственная Ісціна ўзнікла з зямлі — з  Віфлеемскай пячоры, у якой, паводле сведчання Ангела Гасподняга мясцовым пастухам, “нарадзіўся… у горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь (Лк. 2: 11).

Упершыню прароцтва пра Святло, Якое прыходзіць у свет, запісаў прарок Ісаія, якога нараклі cтаразапаветным евангелістам: Народ, які ходзіць у цемры, убачыць святло вялікае; на тых, што жывуць у краіне ценю смяротнага, святло заззяе” (Іс. 9: 2).

І тут прыгадваюцца словы аднаго з псалмоў, якія апісваюць стан некалі паланёнага народа: “Яны сядзелі ў цемры і цені смяротным, скаваныя горам і жалезам; бо не былі пакорнымі словам Божым і не дбалі пра волю Усявышняга” (Пс. 106: 10–11).

Калі мы будзем сумленнымі ў адносінах да саміх сябе, то непазбежна зразумеем, што і нашым продкам, і нашым сучаснікам, ды і нам самім знаёмы такі “скаваны” стан душы і розуму, калі забываецца Ісціна, калі выганяецца Бог, калі заглушаецца сумленне, якое ёсць не што іншае, як голас Божы ў душы кожнага чалавека.

Сёння, у дзень святкавання Ражджаства Хрыстовага, давайце нагадаем адзін аднаму пра ісціннае значэнне і змест таго, што мы называем “асветаю”. Навучаючы нашых дзяцей асновам навук і павышаючы ўзровень сваіх ведаў, мы добра робім. Але калі мы не дбаем пра сумленне і пра такія асноватворныя каштоўнасці сусветнай цывілізацыі, як любоў да Бога і любоў да бліжняга, — мы далёкія ад ісціннага разумення таго, што ёсць адукаваны чалавек.

Цэлая эпоха ў гісторыі еўрапейскай культуры была названа эпохай Асветніцтва. Але гэта быў таксама і час саманадзейнага  і спакуслівага адмаўлення вучонага розуму ад Бажэственнай Ісціны, час ганенняў, узнятых супраць Госпада Іісуса Хрыста, супраць Евангелля любові і супраць Божага Закону жыцця.

Менавіта тады веды і розум пачалі супрацьпастаўляць веры і сэрцу, нібы яны — непрымірымыя ворагі. І што ж спарадзіла гэтая ганарлівая эпоха? Не, не росквіт народаў, не мір і не дабрабыт. Яна выклікала да жыцця такія грамадзянскія смуты і кровапраліцці, такія войны і гістарычныя катастрофы, якія дагэтуль адгукаюцца злавесным рэхам у розуме людскім.

Страшны вопыт перажывае чалавек, назапасіўшы многія веды, валодаючы прагрэсіўнымі поглядамі і шырокімі практычнымі навыкамі, — але не асветлены святлом Бажэственнай Ісціны. Раней ці пазней ён усведамляе, што ён не свабодны, што ён скаваны адзінотай і безвыходнасцю, што ён пакрыты ценем забыцця, і навокал — пустэча...

Да самых глыбінных сховаў чалавечага сэрца звернута евангельскае пытанне Хрыста Збаўцы:  “Дык вось, калі святло, якое ў табе, цемра, тады якая ж сама цемра?” (Мф. 6: 23). І калі чалавек паспрабуе сумленна адказаць свайму Творцу і самому сабе на гэтае пытанне, то ён абавязкова пажадае сапраўднай, паўнавартаснай, ісціннай асветы.

Дык з чаго ж яна складаеццаасвета чалавека, нацыі, усяго чалавечага роду? Яна складаецца з таго, каб даць зразумець народу… спасенне ў прабачэнні грахоў”; у тым, каб “асвятліць тых, што сядзяць у цемры і цені смерці, скіраваць ногі… на шлях міру” (Лк. 1: 76–80).

Гэтае азначэнне належыць свяшчэнніку Захарыі, які прамовіў яго над сваім нованароджаным сынам Іаанам — будучым Прарокам, Прадцечам і Хрысціцелем Господнім. І калі прайшло шэсць месяцаў пасля прамаўлення гэтых слоў, тады зімовай ноччу ў горадзе Давідавым, у пячоры для авечага статку, Тварэц асвятліў свет Ражджаством Сына Божага — Сына Чалавечага, Богадзіцяці Іісуса.

І з той пары, паводле слова апостала і евангеліста Матфея, які сведчыць пра здзяйсненне старажытных прароцтваў, народ, што сядзіць у цемры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзіць у краіне і цені смерці, заззяла святло” (Мф. 4: 14–16).

Узлюбленыя браты і сёстры! Мы шмат разважаем і гаворым пра тое, як правільна выхаваць разумных і добрых дзяцей, як лепш укласці ў малады розум патрэбныя і карысныя веды. І калі гэтая задача больш-менш вырашаная, нас асабліва хвалюе праблема таго, каб усе гэтыя назапашаныя скарбы не сталі для іх цяжарам, мёртвым у сваёй бясплоднасці.

І тут хрысціяне пакліканы нагадаць сваім словам і справай, сваёю працаю і ўсім жыццём сваім, што толькі ў Святле Бажэственнай Хрыстовай Ісціны пасеяныя зярняты сагрэюцца, і прарастуць, і распусцяць лісце, якое ўсцешыць сэрца, і прынясуць добрыя плады.

Святло Хрыстова асвятляе ўсіх! Менавіта хрысціяне ў гэтым свеце пакліканыя быць светачамі, каб асвятляць шлях ісціны і жыцця Святлом Хрыста Спасіцеля. 

Так, разважаючы пра падзеі больш як двухтысячагадовай даўніны, мы думаем пра сябе, пра сучаснае грамадства, пра нашую асабістую і агульную гісторыю. І сёння, калі мы ўступілі ў новы год грамадзянскага летазлічэння, мы з радасцю пераконваемся, што шматвекавы летапіс нашага гістарычнага быцця не перарваўся. Ён бачна прысутнічае ў цяперашнім часе, і мы працягваем яго напісанне — тут і цяпер.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня перанясення з Кіева ў Полацк мошчаў святой апякункі Белай Русі прападобнай маці нашай Еўфрасінні. Прыгадаем, што гэтай гадавіне на працягу двух дзесяцігоддзяў папярэднічала адраджэнне самой Полацкай абіцелі, аднаўленне духоўнага сімвала беларускай зямлі — Крыжа прападобнай Еўфрасінні, выраб сярэбранай ракі для яе святых мошчаў, адкрыццё фрэсак у храме XII стагоддзя, перад якімі Прападобная праводзіла ў малітве да Бога сваё жыццё, і, нарэшце, добраўпарадкаванне і росквіт самога горада Полацка.

У наш час усё гэта і многае іншае з’яўляецца працягам той асветніцкай дзейнасці, якую князёўна-ігумення пачала восем стагоддзяў таму. І гэтая місія неад’емная ад Святой Царквы, якая паклікана ўсімі сіламі трымацца запавету свайго Заснавальніка і Галавы Госпада Іісуса Хрыста: Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага Нябеснага” (Мф. 5: 16).

Замыкаючы ланцужок гістарычных падзей не толькі XX стагоддзя, але ўсіх васьмі стагоддзяў, што прайшлі з часу зямнога служэння прападобнай Еўфрасінні, нам належыць здзейсніць успамін яе вялікага шэсця з Кіева ў Полацк, якое асвяціла землі братніх народаў напярэдадні іх вогненных выпрабаванняў.

Вяртаючы ў наша сучаснае жыццё людскія імёны   і   дзеянні   мінулых дзён, мы аддаём нашым продкам і папярэднікам даніну ўдзячнай памяці. І разам з тым мы прымаем на сябе паўнату духоўнай адказнасці за цяперашнія і будучыя часы. Таму надыходзячае святкаванне 100-годдзя вяртання прападобнай Еўфрасінні ў Полацк звернута не толькі ў мінулае, але, перш за ўсё, — у будучыню нашых маладых і юных пакаленняў, у Жыццё Вечнае, дзе “ўсё і ва ўсім Хрыстос (Кол. 3: 11).

Вось чаму сёння, у дні святкавання Ражджаства Хрыстовага, мы адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам паўтараем словы старажытнага Псалтыра, скіраваныя да Збаўцы, Які прыходзіць у свет: У Цябе крыніца жыцця; у святле Тваім мы ўбачым святло” (Пс. 35: 10). Амінь.

 

Філарэт,

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 

Ражджаство Хрыстова,

2009 / 2010 г.,

Мінск

 

 

Русский

 

 
 

Тематические разделы::: Святой Синод | Документы | События | История | Искусства | Школы | Святыни | Богословие | Епархии
Путеводитель: Первая страница | Поиск по сайту | Схема сайта | Контактная информация | Администратор

© 2006 Белорусская Православная Церковь
"Официальный портал Белорусской Православной Церкви". При перепечатке материалов ссылка на сайт обязательна.
e-mail администратора: churchby@mail.ru

Услуги мобильного Интернета предоставлены компанией Velcom