Официальный портал Белорусской Православной Церкви

  Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА
архіпастырам, пастырам, манахам і ўсім верным дзецям
Рускай Праваслаўнай Царквы

Дарагія сабраты архіпастыры, пачэсныя айцы-прасвітары, багалюбныя дыяканы, пабожныя інакі і інакіні, браты і сёстры!

 

У светлае і спасіцельнае свята Уваскрасення Гасподняга сардэчна рады прывітаць Вас натхнёнымі і нязменна вялікімі словамі пасхальнага дабравесця:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

         У гэтую светлазарную ноч мы перабываем у жыццесцвярджальным усеагульным лікаванні, бо падзея, якая адбылася многа вякоў назад непадалёк старажытнага Іерусаліма, мае прамое дачыненне да кожнага з нас. Больш таго, Уваскрасенне Хрыстова мае сапраўды ўсяленскае значэнне, бо праз яго Спасіцель дараваў магчымасць знайсці благадатнае адзінства з Богам кожнаму, хто адгукнуўся на Яго заклік: “Прыйдзіце, благаславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэння свету” (Мф. 25: 34).

         Таму мы сёння ўсклікаем разам са свяціцелем Іаанам Залатавустам: “Няхай ніхто не рыдае з-за сваёй убогасці, бо для ўсіх настала Царства!” Святкуючы Светлае Хрыстова Уваскрасенне, мы сведчым правату гэтых слоў, бо кожны чалавек, нават самы апошні грэшнік, выкуплены крывёю Хрыста, мае надзею на спасенне. За нашы грахі, як і за грахі ўсяго чалавечага роду, заплачана каштоўнай крывёю Распятага. Каб успрыняць плады Адкуплення, трэба мець веру і хрысціцца (гл.: Мк. 16: 16). Большасць нашага народа ахрышчана, але як жа мала тых, хто мае веру, здольную змяніць жыццё.

         Перамена жыцця ў Хрысце не абазначае толькі перамену да лепшага. Гэта радыкальнае змяненне, якое прыводзіць чалавека да перамогі жыцця і паўнаты быцця (пар.: Ін. 10: 10) як у цяперашнім перабыванні на зямлі, так і ў веку будучым.

         І свята Пасхі Гасподняй дапамагае нам выразна адчуць непарыўную сувязь не толькі з падзеямі двухтысячагадовай даўніны, але і з будучай перамогай “праўды вечнай” (пар.: Дан. 9: 24), калі “будзе Бог усё ва ўсім” (I Кар. 15: 28). Мы вучымся бачыць у чалавечай гісторыі ажыццяўленне задумы Тварца, усведамляючы глыбіню “багацця прамудрасці і ведання Божага” (гл.: Рым. 11: 33), якімі Усяшчодры Стварыцель вядзе чалавецтва да спасення.

Уменне глядзець на гісторыю ў святле Уваскрасення Хрыстовага асабліва важна ў цяперашнюю эпоху — эпоху перавагі павярхоўнага погляду на свет, калі надзеі і імкненні чалавека абмежаваны штохвіліннымі клопатамі, і хуткацечны час прымушае нашых сучаснікаў забываць пра тое, што “дні ліхія” (Эф. 5: 16). Жывучы навінамі, страхамі і клопатамі аднаго дня, мы схільны забываць пра самае галоўнае – пра спасенне душы, пра Промысел Божы, добры і дасканалы.

         Уваскрасенне ж Хрыстова дазваляе ўсім нам узвысіцца над мітуснёй жыццёвых будняў, каб убачыць сапраўдную веліч Бажэственнай любові, якая дзеля дабра чалавека дайшла нават да крыжа і смерці. Таму нам так важна ўсведамляць, што Сваім Уваскрасеннем Гасподзь абнаўляе чалавечую прыроду, дае ўмацаванне ўнутраных сіл кожнаму хрысціяніну ў яго служэнні Царкве, краіне, грамадству, сям’і, бліжняму.

         Немалыя цяжкасці выпадаюць на долю і простага чалавека, і цэлых народаў: людзі сёння па ўсім свеце пакутуюць ад варожасці, войнаў, беднасці, хвароб, адзіноты, жыццёвай неўладкаванасці. Свет кідаецца ў розныя бакі ў пошуках лепшага жыцця, страціўшы надзею знайсці адказ на свае пытанні ў чалавечай логіцы, палітычных тэхналогіях або эканамічных рэцэптах. Царква і сама гісторыя сведчаць: жыць трэба паводле Слова Божага. Тады ў святле Хрыстовага Уваскрасення нам адкрыецца сэнс таго, што адбываецца, і мы набудзем здольнасць адказваць на самыя небяспечныя выклікі сучаснасці.

         Няхай Уваскрэслы Спасіцель удыхне і ў нашы душы цвёрды намер следаваць Яго запаведзям!

Будзем дзяліцца адзін з адным радасцю цяперашняй урачыстасці! Сагрэем цяплом сваіх сэрцаў тых, хто сёння пакутуе і церпіць нягоды.

Звернем пасхальнае вітанне да ўсіх людзей: і бліжніх, і дальніх. Будзем без ляноты працаваць дзеля росквіту краін, у якіх мы жывём.

Узношу гарачыя малітвы да Госпада аб дараванні нам жыцця мірнага і дабрадзейнага. Няхай пашле Ён Царкве Сваёй дапамогу і сілу старанна служыць духоўнаму дабру акармляемых Ёю народаў, каб мы ўсе ўзрасталі ў веры, надзеі і любові.

Зноў звяртаю да Вас з глыбіні сэрца свайго ўрачыстае ўскліканне пасхальнай радасці ў Богу, Які перамог смерць і ўваскрасіў з Сабою ўсё чалавецтва:

Хрыстос Уваскрэс!

 

Сапраўды Уваскрэс Хрыстос!

 

+КІРЫЛ,

ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

 

 

Масква

Пасха Хрыстова

2010

 

 

 
 

Тематические разделы: Святой Синод | Документы | События | История | Искусства | Школы | Святыни | Богословие | Епархии
Путеводитель: Первая страница | Поиск по сайту | Схема сайта | Контактная информация | Администратор

© 2006 Белорусская Православная Церковь
"Официальный портал Белорусской Православной Церкви". При перепечатке материалов ссылка на сайт обязательна.
e-mail администратора: churchby@mail.ru

Услуги мобильного Интернета предоставлены компанией Velcom