24 сентября 2010 г.
Праваслаўная грамадскасць ушанавала памяць выдатнага заходнебеларускага асветніка Сяргея Паўловіча
24
верасня у прыходскім доме Свята-Петра-Паўлаўскага сабора г. Мінска
адбыўся круглы стол, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Сяргея
Паўловіча (1875-1940), выбітнага царкоўна-грамадскага дзеяча Заходняй
Беларусі, педагога і перакладчыка, аўтара падручнікаў Закона Божага на
беларускай мове. Мерапрыемства было арганізавана намаганнямі Брацтва
Трох Віленскіх мучанікаў.
Кандыдат гістарычных навук, супрацоўніца выдавецкага аддзела
Брацтва Лідзія Кулажанка прапанавала аўдыторыі нарыс біяграфіі Сяргея
Паўловіча у кантэксце гістарычных рэалій першай паловы ХХ стагоддзя.
Сяргей Паўловіч паходзіў з сям’і святара з вёскі Осавец на Брэсцкім
Палессі. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю, пасля — Кіеўскую духоўную
акадэмію, дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю паводле гісторыі уніяцкага
сабора 1720 г. ў Замосці. Працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай
беларускай гімназіі, некаторы час займаў пасаду яе дырэктара. Рускія
падручнікі па Законе Божым былі на той час забароненыя польскім урадам.
З іншага боку, Сінод Польскай аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы дазволіў
карыстацца беларускай мовай падчас школьнага выкладання рэлігіі. У
выніку Віленская духоўная кансісторыя аб’явіла конкурс беларускамоўных
падручнікаў Закона Божага. Адхіліўшы некалькі праектаў з-за
недасканаласці перакладаў і недапрацаванасці тэрміналогіі, царкоўнае
кіраўніцтва прызнала аптымальным падручнік, складзены С. Паўловічам.
Цікавы той факт, што у аздобе падручніка ўдзельнічаў слынны мастак Язэп
Драздовіч. Выступоўца падкрэсліла, што Сяргей Паўловіч меў актыўную
грамадзянскую пазіцыю, браў дзейсны ўдзел у беларусізацыі школы, адчуў
на сабе рэпрэсіі польскай дзяржавы (двойчы ўтрымліваўся ў віленскай
Лукішскай турме).
Доктар філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік
Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі Арсен
Ліс, выступаючы з заўвагамі паводле тэмы круглага стала, звярнуў увагу
прысутных на тое, што С. Паўловіч пэўны час працаваў у галоўнай управе
Таварыства беларускай школы ў Вільні — “адным з галоўных штабаў
супраціву паланізацыі да 1939 г.”. Супрацоўнікам С. Паўловіча па ўправе
ТБШ быў Рыгор Шырма, а калегамі па Віленскай гімназіі — такія дзеячы
беларускай культуры, як Антон Луцкевіч і Аркадзь Смоліч. Асобе С.
Паўловіча аддавалі належнае нават прадстаўнікі супрацьлеглага лагеру, як
сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Максім Танк. На думку сп.
Ліса, Сяргей Паўловіч быў спадкаемцам лепшых традыцый рускай і
еўрапейскай педагагічных школ. “Такая постаць, як Сяргей Паўловіч,
заслугоўвае манаграфічнага доследу, прынамсі, кандыдацкай дысертацыі”, —
зазначыў выступоўца. Напрыканцы Арсен Ліс нагадаў аб лёсе яшчэ аднаго
неардынарнага царкоўна-культурнага дзеяча Заходняй Беларусі — святара
Аляксандра Каўша, рэдактара часопіса “Беларуская зарніца” (1928-1929),
расстралянага ў Мінску акупантамі падчас Другой сусветнай вайны.
Кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры біблеістыкі і
хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэй Сергій
Гардун распавёў аб асаблівасцях падачы евангельскага матэрыялу ў
падручніках Сяргея Паўловіча па Законе Божым. Паводле доследу протаіерэя
Сергія, С. Паўловіч клапаціўся аб тлумачэнні спецыфічнай лексікі Новага
Запавету, суправаджаў матэрыял выразнымі каментарамі маральнага зместу.
Гісторык Галіна Астрога правяла агляд царкоўнага
перыядычнага друку Заходняй Беларусі. Па словах сп. Астрогі, узорным
прыкладам выдання для дзяцей і моладзі быў часопіс “Снапок” (1937-1939),
які рэдагаваў Сяргей Паўловіч. На старонках “Снапка” пад агульным грыфам
царкоўнага выдання друкаваліся дзіцячыя творы знакамітых беларускіх
паэтаў, пераклады сусветнай класікі, займальныя факты. Галіна Астрога
нагадала, што хрысціянская і, у прыватнасці, праваслаўная перыёдыка на
беларускай мове выдавалася ў II
Рэчы Паспалітай са значнымі цяжкасцямі: наклады былі
мізэрнымі, выдаўцы лічыліся палітычна падазронымі асобамі.
Доктар філалагічных навук, загадчык кафедры славянскіх
літаратур філалагічнага факультэта БДУ, прафесар Іван Чарота прысвяціў
свае развагі ролі Сяргея Паўловіча ў станаўленні беларускай мовы як
сакральнай. Сп. Чарота, у прыватнасці, зрабіў акцэнт на тым, што ў
перакладах С. Паўловіча суіснуюць варыянты кшталту спасенне / збаўленне,
Найсвяцейшая / Прасвятая. Таксама, зазначыў навукоўца, С. Паўловіч
адлюстроўвае народныя назвы праваслаўных святаў адначасова з
кананічнымі: Вялікдзень (Пасха), Вадохрышча (Крещение), Грамніцы
(Сретение), Сёмуха (Пятидесятница), Ушэсце (Вознесение).
Падсумоўваючы вынікі круглага стала, кіраўнік Брацтва Трох
Віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчык звярнуўся да прысутных з рытарычным
пытаннем: што дапамагала такім людзям, як Сяргей Паўловіч, абараняць
свой гонар беларускага інтэлігента ва ўмовах таталітарнай дзяржавы? Як
пагадзіліся прысутныя, толькі чалавечымі вартасцямі, без уяўлення пра
міласць Божую, гэтага вытлумачыць нельга.
Напрыканцы свае вершы на духоўную тэматыку агучыла паэтэса
Эльвіра Ярчак.
Фоторепортаж