Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла архіпастырам, пастырам, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы
Узлюбленыя ў Госпадзе
архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!
Ад сэрца, напоўненага
ўдзячнасцю Богу, абвяшчаю ўсім вам вялікую і спасіцельную вестку:
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
З году ў год гэтым
пасхальным воклічам Царква сведчыць пра тую падзею сусветнага значэння,
што адбылася амаль дзве тысячы гадоў таму. Тады на досвітку
жанчыны-міраносіцы прыйшлі да месца пахавання свайго Настаўніка і
ўбачылі, што магіла пустая. Бажэственная сіла Хрыста перамагла закон
смерці. Ён уваскрэс, засведчыўшы ўсяму чалавецтву, што смерць — гэта не
канец жыцця, што смерць пераадольваецца сілаю Божаю.
Уваскрасенне Хрыстова,
будучы ўнікальнай падзеяй у гісторыі свету, паводле задумы Божай стала
пачаткам і нашага асабістага ўваскрасення. Менавіта дзеля таго і прыйшоў
у свет Спасіцель, прыняў пакуты, быў распяты і паўстаў з магілы, каб
кожны меў магчымасць прайсці праз вопыт уваскрасення з мёртвых, і зусім
не ў пераносным, а ў прамым сэнсе гэтага слова. Пра гэта ясна гаворыць
апостал Павел: «Бог… уваскрасіць і нас
сілаю Сваёю» (1 Кар. 6:14).
Вось чаму свята Пасхі — гэта
свята перамогі жыцця над смерцю, бо праз Уваскрасенне Хрыста Спасіцеля
ўваскрасенне з мёртвых дадзена і ўсім нам. І праз якія б цяжкія
абставіны зямнога быцця мы ні праходзілі, якія б выпрабаванні нас ні
напаткалі, якімі б страхамі нас ні палохалі тыя, хто спрабуе, не маючы
духоўнай сілы, прадказваць будучае, наша ўспрыманне свету павінна быць
спакойным і радасным, бо Хрыстос уваскрэс!
У праваслаўных краінах свята
Пасхі заўсёды было самым вялікім і светлым. У апошнія дзесяцігоддзі яно
зноў вярнулася ў многія дамы і сем’і. І цяпер яго святкуюць нават там,
дзе раней не гучала пасхальнае вітанне: у бальніцах і турмах, у арміі і
на флоце, і нават у космасе. І дай Божа, каб за знешнімі зменамі, якія
адбываюцца цяпер у праваслаўных краінах, здзяйснялася б сапраўднае
адраджэнне душ чалавечых, каб радасць Уваскрасення Хрыстовага напаўняла
сэрца кожнага, каб святлом Божай любові былі сагрэтыя не толькі нашы
родныя і блізкія, але і людзі, пазбаўленыя магчымасці бываць у храме,
старыя, хворыя і адзінокія.
Праз Уваскрасенне Хрыстова
веруючы чалавек атрымлівае магчымасць далучыцца да пасланай звыш
благадатнай сілы, каб жыць паводле праўды і запаведзяў Божых: быць
добрым і міласэрным, сумленным і добразычлівым у адносінах з людзьмі,
быць здольным падзяляць з імі і радасць, і гора.
Гэтыя хрысціянскія адносіны
да бліжніх уключаюць у сябе таксама і клопат пра сваю краіну, свой
народ, сваю сям’ю, свой дом. Прапаведуючы прыярытэт вечных духоўных
каштоўнасцей, Царква заклікае сваіх вернікаў таксама беражліва ставіцца
і да часовых, але рэальных каштоўнасцей Богам створанага свету: да
навакольнага асяроддзя, да багатай культурнай спадчыны, якая на працягу
стагоддзяў стваралася нашымі папярэднікамі. Быць захавальнікамі духоўных
скарбаў і традыцый Праваслаўя азначае актыўна мяняць сябе, свой унутраны
свет, а таксама падтрымліваць хараство і гармонію навакольнага свету і
аднаўляць іх там, дзе яны разбураны злой чалавечай воляй. Такое
пакліканне і такая адказнасць хрысціяніна.
Гасподзь не патрабуе ад нас
непасільных подзвігаў. Звяртаючыся да душы кожнага чалавека, Ён зноў і
зноў заклікае: «Прыйдзіце да Мяне, усе
струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і
навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой
душам вашым. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі» (Мф.
11:28-30). Каб адчуць і зразумець, наколькі добры і лёгкі той цяжар, які
ўскладае на нас Гасподзь, трэба навучыцца рабіць дабро і бліжнім, і
дальнім. У гэтым навучанні цяжкімі з’яўляюцца толькі першыя крокі:
своечасова спыніцца і не адказваць на грубасць грубасцю, на зло — злом,
на падман — падманам, на асуджэнне — асуджэннем. А потым хоць бы раз
адчуць задавальненне ад добрага і сумленнага ўчынку, які прынёс карысць
іншаму чалавеку, ці то ў сям’і, на працы, у прыходзе ці проста ў
зносінах з суседзямі і знаёмымі. Гэтае пачуццё задавальнення здольна
перарасці ў радасны і аптымістычны стан духу, калі добрыя справы,
зробленыя не дзеля карысці, а ад чыстага сэрца, робяцца часткаю нашага
жыцця. Толькі тады адчуем мы і змены да лепшага ў стане грамадства, калі
ўсвядомім наяўнасць непарушнай сувязі паміж зробленым намі дабром і
грамадскім дабрабытам.
Евангельская матывацыя нашых
учынкаў, як у асабістай, так і ў прафесійнай і грамадскай сферы, здольна
кардынальна змяніць нас саміх і навакольны свет.
«Няхай уваскрэсне Бог і
рассеюцца ворагі Яго!» — усклікаем мы ў гэтую светлазарную ноч. Няхай
уваскрэсне Бог у нашых сэрцах і няхай знікнуць падман, варожасць, злоба,
сваркі і ўсялякія разлады ў жыцці нашым.
Ад душы віншую ўсіх вас, мае
дарагія, са святам Святой Пасхі. Дапамога і благаславенне сапраўды
Уваскрэслага Госпада няхай спрыяюць кожнаму з нас у нашых далейшых
справах на славу Царквы, на карысць краінам, у якіх мы жывём, на дабро
бліжнім і дальнім. Амінь.
+КІРЫЛ,
ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І УСЯЕ РУСІ