Дзеля ўшанавання
памяці Мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага), 80 год з дня спачыну якога
спаўняецца сёлёта, ля будынку Інстытута тэалогіі БДУ сабраліся
прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзяржаўнай адміністрацыі
Рэспублікі Беларусь, навуковай і творчай інтэлігенцыі.
Да прысутных з
Архіпастырскім словам звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы
Экзарх усяе Беларусі Філарэт.
Далей на чале з
Уладыкам Экзархам і першым прарэктарам Інстытута тэалогіі епіскапам
Бабруйскім і Быхаўскім Серафімам адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне
памятнай дошкі з барэльефным партрэтам Праасвяшчэннага Мелхіседэка на
сцяне Інстытута.
На пляцоўцы ля
Інстытута прагучаў трапар Светлага Хрыстовага Ўваскрасення на грэчаскай,
лацінскай і царкоўнаславянскай мовах, пасля чаго Мітрапаліт Філарэт
узначаліў ліцію ў памяць аб Праасвяшчэнным Мелхіседэку і ўсіх спачылых
правячых архіерэяў Мінскай епархіі. Затым Патрыяршы Экзарх выказаў
асаблівую падзяку аўтару барэльефа — скульптару Ганне Іньковай і
дырэктару прыватнага прадпрыемства «Миоран» Алене Кавалёвай.
Загадчык аддзела
па справах рэлігій Апарата Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і
нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Марына Цвілік
падкрэсліла, што акцыя памяці Мітрапаліта Мелхіседэка ўяўляе сабой
“значны ўнёсак у аднаўленне гістарычнай памяці”.
Унучатая
пляменніца Праасвяшчэннага Мелхіседэка Ганна Бадурава, якая зараз жыве ў
Маскве, запэўніла прысутных, што сярод яе родных да сённяшняга дня
зберагаецца памяць аб слынным сваяку. Выступоўца выказала сардэчную
ўдзячнасць даследчыкам біяграфіі Мітрапаліта Мелхіседэка, у прыватнасці,
протаіерэю Фёдару Крываносу.
Далей пад спеў
гімна “Магутны Божа” (тэкст Н. Арсенневай) да памятнай дошкі з выявай
Мітрапаліта Мелхіседэка студэнты-тэолагі ўсклалі гірлянду з кветак.
Урачыстая акцыя працягнулася ў канферэнц-зале Інстытута тэалогіі, дзе
адбыліся навукова-асветніцкія чытанні, прысвечаныя асобе Мтрапаліта
Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага) і яго часу.
church.by