Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы,
богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
У светлае і напоўненае радасцю свята Ражджаства па плоці Госпада і Бога і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста сардэчна вітаю ўсіх вас, дарагія мае. У гэтую светлазарную ноч мы разам малітоўна паўтараем ангельскае славаслоўе, што абвяшчае “радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу: нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель” (Лк. 2: 10-11).
Чалавецтва, якое адраклося ад Бога праз грэхападзенне, зноў атрымлівае магчымасць яднання са сваім Тварцом і Прамысліцелем. Уваходжанне Сына Божага ў свет — гэта Яго дабравольнае прыніжэнне Сябе да гатоўнасці прыняць пакутлівую ганебную “смерць, і смерць на крыжы” (Філ. 2: 8). Бог нараджаецца ў плоці дзеля таго, каб явіць Сваю любоў людзям і дапамагчы атрымаць паўнату быцця кожнаму чалавеку, які жадае пачуць Яго заклік.
Якраз таму сённяшняе свята дае нам непарушную надзею на дапамогу звыш у самых складаных абставінах нашага жыцця. Бог, Які не пакінуў Сваё стварэнне і адкрыў яму шлях у вечнасць, яўлены нам у Дзіцятку Хрысце, безабаронным немаўлятку, якому патрабуюцца ўвага і клопат.
Усім нам неабходна захоўваць у сваім сэрцы гэты біблейскі вобраз. Успамінаючы Богадзіця, Якое ляжыць у яслях, мы атрымліваем цвёрдую веру і непарушную надзею на Промысел Божы, што вядзе кожнага чалавека да дабра. І нават калі ў жыцці нашым не застаецца апоры, усё здаецца нетрывалым і ненадзейным, мы павінны ясна ўсведамляць, што Гасподзь здольны перамяніць Сваёю благадатнаю сілаю боль, пакуту і галечу нашага свету на блажэнства, радасць і багацце духоўных дароў.
У свята прышэсця Спасіцеля мысленны погляд веруючых звяртаецца да калыскі хрысціянства, Святой Зямлі, якая ўдастоілася быць месцам нараджэння, жыцця і зямнога служэння Госпада. Сёння паслядоўнікі Хрыста ў краінах, дзе адбываліся падзеі Свяшчэннай гісторыі, перажываюць нялёгкія выпрабаванні, сутыкаюцца з новымі пагрозамі існаванню шматвекавой духоўнай традыцыі. Узнясём у светлыя дні Ражджаства шчырыя малітвы за нашых братоў па веры, захавальнікаў неацэнных святынь, пераемнікаў першахрысціянскага падання.
Калі пакутуе адзін член, то з ім пакутуюць усе члены (гл. 1 Кар. 12: 26). Гэтыя словы апостала маюць дачыненне не толькі да членаў аднаго прыхода, адной царкоўнай абшчыны. Яны, безумоўна, ахопліваюць усіх нас — дзяцей Адзінай Святой, Саборнай і Апостальскай Царквы, Царквы Праваслаўнай, распаўсюджанай па ўсім свеце. Яе адзінства — не толькі ў адзінай святаайцоўскай веры і супольнасці ў Таінствах, але і ў суперажыванні цяжкасцей, у ахвярным служэнні адзін аднаму, у супольнай малітве.
Мінулы год быў няпростым у жыцці многіх краін і народаў, у тым ліку і тых, што жывуць на прасторы гістарычнай Русі: нямала трагічных падзей і катаклізмаў паслужылі выпрабаваннем нашай веры і стойкасці.
Аднак сёння галоўныя выпрабаванні адбываюцца не ў матэрыяльнай, а ў духоўнай сферы. Тыя небяспекі, якія палягаюць у фізічнай плоскасці, наносяць шкоду цялеснаму дабрабыту і камфорту. Ускладняючы матэрыяльны бок жыцця, яны разам з тым не здольныя нанесці істотнай шкоды жыццю духоўнаму. Але якраз духоўнае вымярэнне раскрывае найважнейшы і найсур’ёзнейшы светапоглядны выклік нашага часу. Гэты выклік скіраваны на знішчэнне маральнага пачуцця, закладзенага ў нашай душы Богам. Сёння чалавека намагаюцца пераканаць у тым, што ён і толькі ён з’яўляецца крытэрыем ісціны, што ў кожнага свая праўда і кожны сам вызначае, што — дабро, а што — зло. Божую ісціну, а значыць і заснаванае на гэтай Ісціне адрозніванне дабра ад зла, спрабуюць замяніць маральнай абыякавасцю і ўседазволенасцю, якія разбураюць душы людзей, пазбаўляюць іх жыцця вечнага. Калі прыродныя катастрофы і ваенныя дзеянні ператвараюць у руіны знешні лад жыцця, то маральны рэлятывізм раз’ядае сумленне чалавека, робіць яго духоўным інвалідам, скажае Божыя законы быцця і парушае сувязь стварэння з Тварцом.
Гэтай небяспецы мы павінны супрацьстаяць у першую чаргу, заклікаючы на дапамогу Прачыстую Дзеву і сонм угоднікаў Божых, каб яны сваім заступніцтвам перад Прастолам Уладара Святога і Ісціннага (Адкр. 6: 10), Якому мы пакланяемся сёння ў вобразе нованароджанага Дзіцяткі, прасілі для нас сіл змагацца з грахом, змагацца “супраць уладароў цемры веку гэтага, супраць духаў злобы паднябеснай” (Эф. 6: 12). Ашуканствы і прывіды зямнога дабрабыту важна навучыцца распазнаваць у нашых згубных схільнасцях, у карыслівых памкненнях, у спакусах рэкламы, у забаўляльных і палітычных тэкстах. Важна заўжды чуць голас свайго сумлення, якое папярэджвае нас пра небяспеку граху, умець узгадняць свае дзеянні з Евангельскімі запаветамі.
Сёння, як і заўжды, кожны хрысціянін пакліканы пацвярджаць сваімі штодзённымі ўчынкамі каштоўнасць праведнага ладу жыцця, свядома супрацьстаяць маральнаму рэлятывізму і культу хуткай нажывы. Вакол нас шмат нямоглых, хворых, адзінокіх людзей. Нямала і такіх, хто з-за эканамічных цяжкасцей пакінуў родныя мясціны ў пошуках заробку і патрабуе клопату, трапляючы часам у нядобразычлівае асяроддзе. У правядзенні сацыяльнай, місіянерскай, царкоўна-грамадскай работы павінен удзельнічаць кожны пастыр і міранін. Паводле слова свяціцеля Інакенція Херсонскага, “толькі ў святле Хрыстовым можна бачыць Бога, сябе і сусвет у сапраўдным іх выглядзе; толькі па ўказанню Адкравення нябеснага можна знайсці сцяжыну, якая вядзе ў вечнае жыццё”.
З тымі, хто шукае Хрыстовага суцяшэння, мы павінны раздзяліць цеплыню і радасць сённяшняга свята. Кожны з нас можа прынесці святло Віфлеемскай зоркі бліжнім і дальнім — калегам, сябрам, сваякам, суседзям.
У мінулым годзе ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі ўладамі, грамадскімі арганізацыямі, прадстаўнікамі дзелавых колаў быў пакладзены пачатак многім ініцыятывам, якія могуць з’яднаць людзей, адрадзіць трывалыя духоўныя і маральныя асновы грамадскага жыцця.
На карысць развіццю такога супрацоўніцтва, таксама як і сведчанню пра каштоўнае адзінства нашай Царквы, служылі і здзейсненыя мною паездкі па Расіі, Украіне, Малдове. Гэтыя візіты ўзбагацілі мой вопыт малітвы і супольнасці з веруючым народам і, спадзяюся, спрыялі ўмацаванню духоўных сувязей. У богаслужэннях, якія адбываліся пры ўдзеле вельмі вялікай колькасці людзей, асаблівым чынам выяўлялася моц веры і малітвы, што і ўтварае прыгажосць Праваслаўя, прыгажосць і магутнасць “адзінства духу ў саюзе міру” (Эф. 4: 3).
Віншуючы ўсіх вас з Ражджаством Хрыстовым і з Навалеццем, малітоўна жадаю нязменна захоўваць радасць ў Госпадзе, Які ўцялесніўся, каб “мы па спадзяванню сталі спадкаемцамі вечнага жыцця” (Ціт. 3: 7). “Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усякай радасцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Святога, узбагаціліся надзеяй” (Рым. 15: 13). Амінь.
+К
І Р Ы Л,
ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ
Ражджаство Хрыстова
2011-2012 г.
г. Масква