Официальный портал Белорусской Православной Церкви

11 июля 2012 года

12 ліпеня адбудуцца ўрачыстасці, прысвечаныя 400-годдзю Свята-Петра-Паўлаўскага сабора

12 ліпеня 2012 года самы старажытны ў Мінску дзеючы храм — Свята-Петра-Паўлаўскі сабор адзначае 400-годдзе свайго заснавання.

Святочнае богаслужэнне ў храме ўзначаліць Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт у саслужэнні епіскапа Барысаўскага Веніяміна і духавенства Мінскай епархіі.

Па заканчэнні богаслужэння адбудзецца асвячэнне памятнага знака, размешчанага на фасадзе храма.

Удзел ва ўрачыстасцях прымуць госці з Польшчы, Украіны, Расіі, Літвы, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў Беларусі і дыпламатычнага корпусу.

Адроджаны ў 1991 годзе прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора вядзе шырокую асветніцкую і выдавецкую дзейнасць і з’яўляецца значным духоўным цэнтрам сталіцы Беларусі.

Свята-Петра-Паўлаўскі сабор у Мінску — самы старажытны храм у горадзе, быў заснаваны ў пачатку XVII стагоддзя як храм мужчынскага манастыра ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла.

У 1612 г. праваслаўнае брацтва — “земскія дворныя, рыцарства, шляхта і абывацелі ваяводства і павета Менскага” — у Менскім замку сабраўшыся, вырашылі на ахвяраванай княжной Аўдоццяй Друцкай-Горскай зямлі заснаваць храм і манастыр, а пры ім школу і шпіталь для захавання сваёй “старажытнай веры” з умовай, каб гэты манастыр назаўсёды заставаўся ў Праваслаўі і быў у падпарадкаванні Канстанцінопальскага патрыярха і “ў злучэнні з Віленскім манастыром Святога Духа”.

Ужо ў наступным 1613 г. адбылося завяршэнне будаўнічых работ і асвячэнне храма ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Першым настаяцелем манастыра стаў ігумен Павел Домжыў, вядомы прапаведнік, асветнік і друкар.

У 1617 г. упершыню згадваецца школа пры Петра-Паўлаўскім манастыры, дзе атрымлівалі адукацыю і выхаванне дзеці з праваслаўных сем’яў.

Пра высокі рэлігійна-маральны ўзровень манастырскага жыцця сведчыць адмысловая грамата Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы, які наведаў манастыр у 1635 г. ў час візіту ў Мінск.

Манастыр часта цярпеў ад пажараў і нападаў іншаслаўных жыхароў горада. У 1715 г. намеснік манастыра Гедэон Шышка пісаў: “Наш манастыр разграблены і разбураны швецкім войскам і непрыяцелямі рымскай веры, католікамі і унятамі…” У 1762 г. ігумен Мікалай Данілеўскі ў летапісе манастыра зрабіў такі запіс: «Царква вялікая мураваная, уся была ўнутры распісаная, але ад пажару палушчылася і пакалолася, зверху скляпенні напалову выпалі і разбілі тыя скляпенні, якія пад царквой... а зімой поўна ўсюды снегу; акна ніводнага цэлага ў ёй няма…». У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Мінск увайшоў у склад Расіі і стаў цэнтрам губерні. У гэтым самым годзе ўтворана Мінская епархія.

У 1795 г. адбылося абнаўленне знешняга выгляду і ўнутранага ўбранства сабора. Імператрыца Екацярына II ахвяравала пазалочаныя срэбныя крыжы, устаноўленыя на франтонных вежах, і тры срэбныя падсвечнікі. Першы епіскап Мінскай епархіі Віктар (Садкоўскі) асвяціў адноўлены храм у гонар святой велікамучаніцы Екацярыны. Пасля аднаўлення храм стаў на некаторы час “кафедральным саборам Мінскіх архіпастыраў”.

У 1800 г. інакі Петра-Паўлаўскага манастыра на чале з ігуменам Лазарам (Церашковічам) пераведзены ў Пінск і залічваюцца да браціі Богаяўленскага мужчынскага манастыра. Екацярынінскі сабор стаў лічыцца прыходскай царквой.

У чэрвені 1812 г. сабор занялі французы, якія абрабавалі яго і чатыры месяцы выкарыстоўвалі пад вайсковы лазарэт. Толькі ў 1814 г. завяршыліся рамонтныя работы і адбылося ўзнаўленне богаслужэнняў.

У 1844 г. Екацярынінская царква ўзведзена ў ранг гарадскога сабора, да яго прыпіснымі сталі Уваскрасенскі гарадскі, Крупецкі і яшчэ чатыры вясковыя прыходы.

У 1870–1871 гг. сабор перабудаваны ў руска-візантыйскім стылі, узведзены купал, новыя вежы-званіцы, усталяваны пяціярусны пазалочаны іканастас. Новыя роспісы сцен, паводле сведчанняў сучаснікаў, не саступалі фрэскам храма Хрыста Спасіцеля ў Маскве. Сабор упрыгожвалі каштоўныя старажытныя іконы Свяціцеля Мікалая Цудатворца, шанаваны вобраз Божае Маці і Усіх святых “кіеўскага манастырскага пісьма”, а таксама ікона-машчавік з выявай Распяцця ў выглядзе васьміканцовага крыжа – дар Троіца-Сергіевай Лаўры. На званіцы мелася пяць званоў, самы вялікі з іх важыў 48 пудоў.

У пачатку ХХ стагоддзя да Екацярынінскага прыхода належала праваслаўнае насельніцтва правабярэжнай часткі Мінска (за выключэннем служачых на чыгунцы) і 29 навакольных вёсак. Прычт сабора складаўся з настаяцеля, трох свяшчэннікаў, дыякана і чатырох псаломшчыкаў. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны прыход сабора налічваў 4811 чалавек.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917-1918 гг. паводле законаў новай савецкай улады сабор пазбаўляўся зямельнай і іншай маёмасці, святарам забаранялася выкладаць Закон Божы, а царкоўная рэгістрацыя грамадзянскага стану губляла юрыдычную сілу.

У 1930-я гг. сабор быў месцам служэння епіскапа Філарэта (Раменскага), протаіерэя Сцяфана Кульчыцкага, удзельніка Памеснага сабора 1917–1918 гг., протаіерэя Васілія Ачапоўскага, протадыякана Аляксія Буеўскага. Усе яны былі незаконна рэпрэсіраваны і расстраляны ў 1937-1938 гг. 

1933 г. Екацярынінская царква закрыта ўладамі, а маёмасць разрабавана. Будынак стаў выкарыстоўвацца пад склад.

1941 г. 7 снежня паводле жадання веруючых адбылося аднаўленне богаслужэнняў. Храм быў асвячоны ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла; у час вайны тут знаходзілася цудатворная Мінская ікона Божай Маці.

З канца 1944 г. богаслужэнні ў храме не праводзіліся. Пастановай Саўнаркома БССР ад 11 верасня 1945 г. будынак сабора перададзены Цэнтральнаму дзяржаўнаму архіву Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва.

У 1970-я гг. узнікла пагроза зносу будынка сабора ў сувязі з будаўніцтвам жылога дома на Нямізе. Аднак будынак удалося адстаяць. У 1979 г. завяршылася рэстаўрацыя фасадаў сабора, вяртанне яму першапачатковых архітэктурных форм.

У 1990 г. каля сцен сабора пачалося служэнне малебнаў і акафістаў, была ўтворана царкоўная абшчына. У выніку зваротаў Мітрапаліта Філарэта і вернікаў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт 6 чэрвеня 1991 г. прыняў рашэнне аб перадачы будынка Екацярынінскага сабора Беларускаму Экзархату.

7 снежня 1991 г. з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта ў сценах сабора адслужаны першы за 46 гадоў малебен. У тым жа годзе пры актыўным удзеле прыхаджан пачаўся капітальны рамонт храма, а таксама рэстаўрацыя жывапісу.

У 1993 г. адбылося перанясенне іконы з часцінкамі мошчаў святых мучанікаў — Антонія, Іаана і Яўстафія з Вільні ў Мінск; размяшчэнне іконы ў левым прыдзеле сабора.

У 1995 г. завяршылася разборка жалезабетонных перакрыццяў і шматлікіх перагародак, якія раздзялялі ўнутраную прастору храма на чатыры паверхі. Адбылося вяртанне сабору першапачатковай унутранай прасторы, што зрабіла яго «велічным караблём».

5 снежня 1999 г. Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам здзейснена ўрачыстае асвячэнне ўсіх трох храмавых прастолаў.

У 2012 г. устаноўлены памятны знак у гонар 400-годдзя заснавання сабора, а таксама памятная дошка ў гонар яго заснавальнікаў.

Пры саборы дзейнічаюць нядзельная школа, бібліятэка, два брацтвы, маладзёжны спартыўна-гістарычны клуб у гонар св. Даўмонта Пскоўскага, клуб праваслаўных следапытаў, супольнасць прыхаджан “Кінавія”. Святочныя і будзённыя богаслужэнні забяспечваюць тры змешаныя хоры і адзін мужчынскі. Па нядзельных днях Бажэственная літургія правіцца пры малітоўным удзеле і спевах усіх вернікаў. З 1998 г. па просьбе групы прыхаджан і згодна з благаславеннем мітрапаліта Філарэта ў саборы па пэўных днях здзяйсняецца богаслужэнне на беларускай мове. 

З 1993 г. пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы існуе выдавецтва, якое рыхтуе і выдае рэлігійна-асветніцкую літаратуру на беларускай і рускай мовах. Штогод выходзяць календары, царкоўна-гістарычныя, духоўна-асветніцкія і даведачна-інфармацыйныя выданні. Аддзел падрыхтаваў да выдання чатыры Евангеллі, богаслужэбнае “Свяшчэннае Евангелле”, “Дзеянні апосталаў” на беларускай мове ў перакладзе Біблейскай камісіі БПЦ.

 

Паштовы адрас:

220004, г. Мінск, вул. Ракаўская, 4

Тэлефоны:

Дзяжурны……………….......226-74-75

прыходскі дом........................206-44-12

Сайт у Інтэрнэце: www.sppsobor.by

 

 

Church.by

 

Путеводитель: Святой Синодд | Документыы | События | История | Искусства | Школы | Святыни | Богословие | Епархии
Путеводитель: Первая страница | Поиск по сайту | Схема сайта | Контактная информация | Администратор

Поиск:иск:   По сайту    В Интернете

гиперссылка на сhurch.by обязательна.
e-mail администратора: churchby@mail.ru
 


Услуги мобильного Интернета предоставлены компанией Velcom