Слуцкае Евангелле. Вяртанне святыні
Рошчына Т. І., галоўны бібліёграф аддзела рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Слуцкае Евангелле 1582 г., уласнаручны твор слуцкага князя Юрыя Алелькавіча, адна з нацыянальных праваслаўных святынь Беларусі, лічылася страчаным у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Нягледзячы на тое, што Слуцкае Евангелле неаднаразова згадвалася ў гістарычных крыніцах, працах даследчыкаў гісторыі і культуры Беларусі, глыбока і дакладна помнік яшчэ не вывучаны.
Створанае ў Слуцку ў канцы XVI ст., яно захоўвалася ў Свята-Троіцкім мужскім манастыры. Архімандрыт Мікалай у сваім “Гісторыка-статыстычным апісанні Мінскай епархіі” 1864 г.[1] згадвае яго сярод выдатных рэчаў манастыра з указаннем надпісу, які пазнейшыя даследчыкі ўжо не знаходзілі.
У гістарычным нарысе Ф.Ф. Серна-Салаўевіча “Старажытнарускі горад Слуцк і яго святыні” (1896 г.[2]) аўтар дае больш падрабязнае апісанне Евангелля: Чацвераевангелле, фарматам у 2о, пісана чарнілам уставам, так, быццам літары ўзноўлены механічным спосабам. Асабліва адзначана мастацкае афармленне рукапісу – на думку аўтара, гэта верх мастацкай дасканаласці: першыя літары кожнага Евангелля – цудоўныя малюнкі акварэллю, блакітнай і зялёнай фарбаю з золатам; перад першай главою кожнага Евангелля – застаўкі. Прыводзіцца надпіс, які на першым аркушы рукапісу пакінуў спавядальнік князя, свяшчэннік Малафей (надпіс поўнасцю адпавядае таму, што захаваўся ў дадзеным рукапісу).
У 1911 г. А.К. Снітка, старшыня Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, апублікаваў “Апісанне рукапісаў і старадрукаў у Слуцкім (Мінскай губ.) Трайчанскім манастыры”[3], у якім пад нумарам першым даецца даволі падрабязнае апісанне Евангелля Юрыя Алелькавіча. Падаюцца памеры рукапісу і літар, выявы вадзяных знакаў (філіграняў), апісанне мастацкага афармлення і пераплёта. Прыводзяцца тэксты запісаў, узоры тэкста рукапісу з некаторых старонак.
У 1996 г. у Варшаве была выдадзена праца вядомай польскай даследчыцы Марыі Каламайскай-Саед, прысвечаная партрэтам і помнікам старадаўнасці, звязаным з Алелькавічамі, па інвентарызацыі Юзэфа Смаліньскага 1904 г.[4]. Юзэф Смаліньскі (1865-1927), мастак па адукацыі, займаўся кансервацыяй помнікаў, цікавіўся гісторыяй. У 1904 г. ён падрыхтаваў інвентарызацыйную дакументацыю царквы Троіцкага манастыра ў Слуцку, які ў гэты час амаль гібеў. Але на месцы заставалася яшчэ некалькі асабліва каштоўных, падараваных яшчэ Алелькавічамі, помнікаў, у тым ліку так званае Слуцкае Евангелле 1582 г. Дзякуючы Ю. Смаліньскаму, сёння мы маем даволі дакладнае апісанне рукапісу: памер 34,5х24,5 см (крыху адрозніваецца ад дадзеных А. Сніткі), пісаны на чарпанай паперы з філігранню ў форме высокага крыжа на вялікай літары М (сустракаецца і іншы малюнак). Пераплет з дошак у чырвоным аксаміце без аніякіх аздобаў. Змешчаны і тэкст нататкі на першым аркушы пратапопа Малафея (тэкст быў перапісаны Ю. Смаліньскім у польскай транскрыпцыі і, акрамя даціроўкі, адпавядае тэксту, што прывёў у сваёй працы Ф.Ф. Серна-Салаўевіч). Акрамя апісання, Ю. Смаліньскі пакінуў дакладную, старанна выкананую каляровую копію (1:1) першай старонкі рукапісу, а таксама копіі ініцыялаў і заставак чатырох іншых старонак. Параўнанне копій, змешчаных у працы М. Каламайскай-Саед, з арыгіналам, паказвае іх ідэнтычнасць.
Папярэдні агляд Слуцкага Евангелля (афіцыйная экспертыза і поўнае кадыкалагічнае даследаванне і апісанне яшчэ не праводзіліся) дае падставу сцвярджаць, што прадстаўлены экзэмпляр – сапраўды страчанае ў свой час Слуцкае Евангелле 1582 г., пісанае слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. На форзацы захаваўся адбітак авальнай пячаткі з надпісам: Бел. дзярж. Музей. 6295. Там жа знаходзіцца надпіс: Свято-Троицкаго Слуцкаго Монастыря к. в. № 42. Але ёсць адно адрозненне: ва ўсіх крыніцах пры апісанні рукапісу падаюцца звесткі, што яно пераплецена ў дошкі, павалочаныя аксамітам чырвонага (малінавага) колеру. Гэты паасобнік таксама ў аксаміце, але рудога колеру – хутчэй за ўсё, ён з цягам часу проста выцвіў, таму што на карашку, каля капталаў, можна яшчэ пабачыць першапачатковы колер. Але аксаміт не на дошках, а на кардоне, са сляпым цісненнем, выкананы, хутчэй за ўсё, у XIX ст.
Лёс Слуцкага Евангелля – асобная, яшчэ невывучаная старонка гісторыі помніка. Звесткі аб ім недакладныя і супярэчлівыя. У канцы XIX ст. яно захоўвалася ў рызніцы Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра, хаця ўсё самае каштоўнае і рэдкае з яго ўжо было вывезена ў Мінск ў Свята-Духаў манастыр. У рызніцы засталіся рэдкія гістарычныя рэчы, на якіх меліся надпісы аб ахвяраванні іх у манастыр на памінавенне. У 1889 г. Слуцкае Евангелле (у ліку трох рэчаў з манастыра) экспанавалася на Маскоўскай археалагічнай выстаўцы, дзе на яго звярнулі ўвагу знаўцы гістарычных старажытнасцей. Наступныя звесткі пра яго датуюцца 1914 г. У пераліку дакументаў з Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу, што датычацца вывазу з Беларусі царкоўных каштоўнасцей у Расію ў час ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны, пад № 95-105 пададзены вытрымкі са справаздачы епіскапа Мінскага і Тураўскага Мітрафана аб стане Мінскай епархіі за 1914 г. са звесткамі аб святынях Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра, у тым ліку – Евангелля Юрыя Алелькавіча. Апісанне рукапісу зроблена паводле кнігі Ф.Ф. Серна-Салаўевіча[5]. Пасля рэвалюцыі 1917 г. Слуцкае Евангелле трапіла ў Мінскі дзяржаўны музей і да канца 20-х гг. знаходзілася ў яго фондах. Гэта пацвярджаецца пячаткай і інвентарным нумарам, што захаваліся на рукапісу. Актам ад 21.11.1929 г. Евангелле было перададзена на захаванне Беларускаму дзяржаўнаму музею ў Магілёве, дзе яно і знаходзілася да 1941 г.[6] У акце пададзена даволі падрабязнае апісанне рукапісу, якое поўнасцю адпавядае дадзенаму асобніку, у тым ліку згадваецца “картонная вокладка, абцягнутая малінавым аксамітам”. Акт падпісаны В. Ластоўскім, ён жа пазначыў, што Евангелле запісана ў кнігу экспанатаў БДМ пад № 6295. У пачатку вайны Слуцкае Евангелле разам з іншымі экспанатамі музея было згублена. У “Списке разграбленных немецкими оккупантами ценностей, хранившихся в Могилевском государственном историческом музее до Великой Отечественной войны”, які быў складзены па памяці былымі супрацоўнікамі музея, пад № 19 запісана: До 20 Евангелий с окладами работы белорусских мастеров XVI-XVIII вв., из них одно, написанное от руки князем Олельковичем.
Сёння сучасныя тэхнічныя сродкі даюць магчымасць выключыць небяспеку поўнай страты нацыянальных дакументальных помнікаў. Выкарыстанне метада алічбоўкі не толькі стварае страхавую копію дакумента, але дае магчымасць доступу да яго ўсім жадаючым, незалежна ад месца захавання паасобніка. Неабходна неадкладна зрабіць электронную копію Слуцкага Евангелля, каб людзі маглі прычыніцца да духоўных каштоўнасцей, створаных нашымі продкамі, не падвяргаючы небяспецы арыгінал. Трэба таксама рыхтаваць факсімільнае каментаванае перавыданне рукапіснага помніка, нават невялікі тыраж якога дасць магчымасць мець яго ў кожным прыходзе, у бібліятэках, музеях, выкарыстоўваць яго ў духоўна-асветных, навуковых, вучэбных мэтах.
ЛІТАРАТУРА
[1] Николай, архимандрит. Историко-статистическое описание Минской епархии. СПб., 1864. С. 110.
[2] Древнерусский город Слуцк и его святыни: Ист. очерк / Сост. Ф.Ф. Серно-Соловьевич. Вильно, 1896. С. 35.
[3] Снитко А.К. Описание рукописей и старопечатных книг в Слуцком (Минской губ.) Тройчанском монастыре//Изв. ОРЯС. 1911. Т.16. Кн. 1. С.210-231.
[4] Kalamajska-Saeed M. Portrety i zabytki ksiazat Olelkowiczow w Slucku: Inwentaryzacja Jozefa Smolinskiego z 1904 r. Warszawa, 1996. S. 37
[5] Палтаўская І. Вывезена ў Першую сусветную вайну//Вяртанне-2: Зб. артыкулаў і дак. Мн., 1994. С. 160-161.
[6] Запісы БІНІМ. 1974. Кн. 12. С.103.
|