Православие на Белой Руси
 Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни
 Об этой книге
 Предисловие автора
 Прадмова епiскапа Афанасiя Мартаса
 Жизнь, обретенная вновь (Валентина Теплова)
 Минская епархия в конце XIX - начале XX столетий
 Православная Церковь Беларуси на рубеже тысячелетий_ история и современность
 Список архиереев бывших на Минской кафедре со времени ее основания
 Явление чудотворной иконы Божией Матери «Жировичская» по письменным источникам XVI–XVIII вв
 История Бытчанской Свято-Троицкой Церкви
 Свято-Успенская церковь в Новом Свержене
 Священник Александр Юденич
 Свято-Никольский храм в Логойске
 Иконописное дело в Минской епархии
 Слуцкае Евангелле_ Вяртанне святыні
 Архимандрит Леонтий Карпович
 Новомученики и исповедники Белой Руси
 Жизнеописание архиепископа Иннокентия Ястребова
 800-летнее паломничество_Преподобная Евфросиния Полоцкая
 Выставка старопечатных книг в МинДС
 Священномученик Порфирий Заславский
 Приходы Минского районного благочиния_Часть I
 Приходы Минского районного благочиния_Часть II
 Православные храмы Минского благочиннического округа по данным на 1912 год
 Жизнеописание Владимира Еленевского
 Жизнеописание митрофорного протоиерея Николая Околовича
 Любанщина православная
 Князь Константин Острожский
 К торжествам в Новогрудской епархии
Навигатор: история / Православие на Белой Руси / Князь Константин Острожский

КНЯЗЬ КАНСТАНЦІН (ВАСІЛІЙ) АСТРОЖСКІ
Да 400-годдзя памяці

РАДАВОД

Род князёў Астрожскіх — адзін з найбольш знатных і багатых родаў на землях былога Вялікага княства Літоўскага. Ён даў многа славутых мужоў, якія праславіліся не толькі на палях бітваў, дзяржаўнай службе, але і падзвіжніцтвам на духоўнай ніве.

Першым вядомым прадстаўніком роду быў Даніла Астрожскі, які жыў на Валыні ў сярэдзіне XIV стагоддзя. Сын яго Фёдар Данілавіч (?—2-я пал. XV ст.) — князь Уладзмірскі і Цвярскі, удзельнік Грунвальдскай бітвы і Гусіцкіх войнаў, у канцы жыцця стаў інакам Кіева-Пячэрскай лаўры з імем Феадосій. За набожнае і падзвіжніцкае жыццё яшчэ ў XVI ст. ён быў праслаўлены Царквою і далучаны да ліку святых. Нятленныя мошчы прападобнага і цяпер пакояцца ў Дальніх пячорах Кіева-Пячэрскай лаўры. У 2002 г. прападобны Фёдар Астрожскі далучаны да Сабору беларускіх святых. У яго гонар асвячона капліца ў царкоўным доме «Кінанія» ў Калодзішчах, што пад Мінскам.

Слаўны след у гісторыі пакінуў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460? —1530), найвышэйшы гетман Вялікага княства Літоўскага, кашталян Віленскі, ваявода Троцкі. Ён шырока праславіўся дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў вядомы як руплівец праваслаўнай асветы, заснавальнік шматлікіх храмаў і манастыроў. Князь Канстанцін Іванавіч фундаваў мураваны сабор у Навагрудку, цэрквы Прачысценскую і ў гонар свяціцеля Мікалая ў Вільні, храмы ў Смалявічах, Дзятлаве і інш. За заслугі перад дзяржавай, як выдатны военачальнік і дыпламат, князь Канстанцін Іванавіч атрымаў ад караля шматлікія маёнткі і зямельныя ўгоддзі, яму належалі Тураў, Дзятлава, Копысь, Глуск, Барань, Гальшаны, Тарасава пад Мінскам, Ахонава і селішча з возерам Свіцязь у ваколіцах Навагрудка, двор у Мінску і інш. Трэба ўлічваць, што гэта быў час, калі пры выбары кандыдатур на высокія і ганаровыя дзяржаўныя пасады перавага аддавалася католікам.

Князь Канстанцін Іванавіч здзіўляў сучаснікаў сціплым і пабожным ладам жыцця. Спачыў ён у 1530 г. ў Вільні, а пахаваны быў ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе ёсць надмагілле з яго выяваю.

СЛУЖЭННЕ БОГУ І БАЦЬКАЎШЧЫНЕ

Найбольш выразна духоўныя сілы, асаблівая місія роду Астрожскіх праявіліся ў дзейнасці сына найвышэйшага гетмана — князя Канстанціна (у хрышчэнні Васілія) Астрожскага (1526—1608). Нарадзіўся ён у Тураве, там правёў дзяцінства і юнацтва. Пасля смерці бацькі выхоўваўся маці — Аляксандрай Сямёнаўнай з роду князёў Слуцкіх Алелькавічаў. У доме бацькоў князь Канстанцін атрымаў добрую адукацыю і выхаванне ў духу адданасці роднай веры і свайму народу. Дасягнуўшы паўналецця, князь Канстанцін ажаніўся з княжной Сафіяй, дачкой галіцкага магната графа Тарноўскага. У 27 гадоў ён займаў пасаду Уладзімірскага старасты, у 32 гады стаў Кіеўскім ваяводам.

З узростам князь стаў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам Праваслаўя, быў сярод тых нямногіх магнатаў, якія глыбока ўсведамлялі каштоўнасць Праваслаўя, непарыўную сувязь традыцыйнай усходняй хрысціянскай веры з этнічнай самабытнасцю ўсходніх славян. Хоць афіцыйна вышэйшым ктытарам у Кіеўскай мітраполіі лічыўся кароль, на справе Астрожскі быў найбольш значнай асобай сярод міран у справе ўладкавання Праваслаўнай Царквы. Ад бацькі князю Канстанціну перайшоў абавязак патранату, апекі над Праваслаўнай Царквой і яе паствай. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях Вялікага княства Літоўскага. У сваіх уладаннях Астрожскі заснаваў больш чым 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы.

Нягледзячы на высокае грамадскае становішча і заможнасць, князь Канстанцін вёў строгі і пабожны лад жыцця, шмат часу аддаваў рэлігійнай практыцы. У Вялікі пост ён аддаляўся ў манастыр, апранаўся ў бедную вопратку, праводзіў дні і ночы ў роздуме і малітве.

Князь К.К. Астрожскі быў найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай Царквы ва ўмовах падрыхтоўкі і заключэння царкоўнай уніі з Рымам. Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме Польска-Літоўскай дзяржавы, звяртаўся з пасланнямі да караля, жыхароў Рэчы Паспалітай, да праваслаўных епіскапаў. Ён быў арганізатарам і актыўным удзельнікам праваслаўнага сабора 1596 г., які праходзіў у Брэсце адначасова з уніяцкім пад кіраўніцтвам свяшчэннамучаніка Нікіфара Кантакузіна – пасланніка Канстанцінопальскага патрыярха. Пасля падпісання уніі князь працягваў нялёгкую барацьбу ў абарону правоў і годнасці праваслаўных.

АСТРОЖСКАЯ АКАДЭМІЯ

Князь Канстанцін Астрожскі разумеў, што поспеху ў справе адстойвання і захавання праваслаўный веры нельга дасягнуць без пастаяннага клопату пра павышэнне адукаванасці насельніцтва, у тым ліку духавенства. Праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі ў Рэчы Паспалітай не мелі магчымасці атрымліваць духоўную адукацыю. Не маючы агульных і багаслоўскіх ведаў, яны не маглі садзейнічаць асвеце народа. У той час, калі каталіцкая царква праз ордэн езуітаў актыўна прапагандавала і распаўсюджвала на беларускіх землях сваю сістэму адукацыі, якая была правадніком іх ідэалогіі, праваслаўныя мелі толькі школы пачатковай пісьменнасці пры асобных манастырах і храмах.

Патрэбны былі такія школы, з якіх выходзілі б падрыхтаваныя да свайго служэння свяшчэннікі і духоўныя настаўнікі. Таму князь Астрожскі аказваў пастаянную падтрымку школам, якія сталі ўзнікаць у канцы ХVI ст. пры праваслаўных брацтвах; асабліва цесныя адносіны ў яго склаліся з Львоўскай і Віленскай брацкімі школамі. Вядома, што ён заснаваў школы ў Тураве і Слуцку, Уладзіміры-Валынскім і Львове.

Але найбольш праславілася на ўсіх усходнеславянскіх землях школа, заснаваная каля 1576 г. на сродкі князя ў яго родавым памесці Астрог. Астрожская школа, ці акадэмія, як яе называлі сучаснікі, мела трохступенны характар, злучала ў сабе элементарную (пачатковую) і сярэднюю школы, з пачаткамі вышэйшай. У аснову праграмы навучання была пакладзена заходнееўрапейская сістэма «сямі вызваленых навук», вывучаліся граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Галоўная ўвага надавалася вывучэнню грэчаскай і царкоўнаславянскай моваў, выкладаліся таксама філасофія і багаслоўе.

Падручнікі для навучання рыхтавалаіся і друкаваліся ў Астрожскай друкарні. Непасрэдна пры школе і друкарні князь стварыў гурток адукаваных людзей, якія займаліся перакладамі, рыхтавалі і выдавалі вучэбную, богаслужбовую, павучальную літаратуру. Да гуртка належалі вядомы друкар Іван Фёдараў, пісьменнік Герасім Сматрыцкі, перакладчыкі і выдаўцы Васіль Суражскі і Цімафей Міхайлавіч; браты Дзям’ян і Ігнацій Налівайкі. У Астрог часта наведваліся вучоныя грэкі — Дзіянісій Палеалог, будучы Канстанцінопальскі патрыярх Кірыл Лукарыс, патрыяршы экзарх свяшчэннамучанік Нікіфар Кантакузін. Усе гэтыя высокаадукаваныя людзі прымалі ўдзел у навучанні, што сведчыць пра яго высокі ўзровень.

Са сцен Астрожскай акадэміі выйшлі вядомыя царкоўныя і грамадска-культурныя дзеячы – пісьменнікі-палемісты і перакладчыкі. Сярод іх: Клірык Астрожскі — аўтар пісьмаў-адказаў Іпацію Пацею; Мялецій Сматрыцкі — епіскап і вядомы пісьменнік-палеміст; Захарыя Капысценскі — пісьменнік-палеміст; Іаў Барэцкі — Кіеўскі мітрапаліт, перакладчык і пісьменнік; Стэфан Зізаній — педагог і царкоўны прапаведнік; Андрэй Рымша — вядомы беларускі паэт, заснавальнік панегірычнага жанру і інш.

АСТРОЖСКАЯ БІБЛІЯ

Разумеючы, што самая надзённая патрэба для праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага заключаецца ў духоўнай асвеце, веданні Бібліі, князь Канстанцін Канстанцінавіч прыклаў тытанічныя намаганні, каб зрабіць славянскі біблейскі тэкст поўным і агульнадаступным, г.зн. распаўсюдзіць яго ў друкаваным выглядзе. Разам з тым, як чалавек адукаваны, ён хацеў выдаць тэкст Бібліі ў найбольш дакладным выглядзе. Пад час падрыхтоўкі Бібліі князь Канстанцін Канстанцінавіч неаднаразова звяртаўся да Патрыярха Канстанцінопальскага Іераміі з просьбай даслаць «добре исправленныя и безпорочныя греческия и словенския рукописи» і «людей способных». Князь атрымаў копію Генадзіеўскай Бібліі з Масквы, адправіў давераных людзей у грэчаскія, сербскія, балгарскія манастыры для збору спіскаў Бібліі. Выкарыстоўваючы ўжо існуючыя славянскія пераклады, у тым ліку зробленыя Ф. Скарынам, складальнікі Бібліі ажыццявілі параўнаўчы аналіз і рэдагаванне розных тэкстаў. Некаторыя часткі Бібліі былі дадаткова перакладзены з грэчаскай мовы. Даследчыкі Астрожскай Бібліі адзначаюць галоўную вартасць яе тэксту — надзвычай уважлівае стаўленне перакладчыкаў і рэдактараў да старажытных спіскаў і клопат пра адпаведнасць перакладу грэчаскаму арыгіналу. Нават у Заходняй Еўропе, дзе філалагічная навука была даволі развітай, у той час падобнай работы ніхто не выконваў. Першае пробнае выданне пабачыла свет 12 ліпеня 1580 г. і ўключала Новы Запавет і Псалтыр. Другое — асноўнае выданне — выйшла 12 жніўня 1581 г. і ўключала поўны біблейскі звод і ўсе прадмовы да кнігі. Астрожская Біблія стала вялікім духоўным скарбам усяго славянскага і хрысціянскага свету. Вядомы чэшскі філолаг і гісторык, класік славяназнаўства Ёзаф Добраўскі (1753—1829) адзначаў: «Я аддаў бы палову сваёй бібліятэкі за Астрожскую Біблію!» Выдатны прапаведнік і палеміст XVII ст. Міхаіл Андрэла-Арасвігоўскі сцвярджаў, што за адну старонку гэтай кнігі ён аддаў бы Чэхію, Англію, нямецкую веру, Прусію, Польшчу, Фландрыю з іх духоўнымі традыцыямі, а ісціну яму адкрыла толькі гэтая кніга.

Астрожская Біблія, у падрыхтоўцы і рэдагаванні якой актыўны ўдзел браў сам князь, стала першым друкаваным выданнем поўнага біблейскага зводу на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Яна была афіцыйна прызнана Маскоўскім Патрыярхатам і забяспечвала літургічныя патрэбы праваслаўнага славянства на працягу чатырох стагоддзяў. Першае маскоўскае выданне Бібліі 1663 г. было перадрукам Астрожскай Бібліі, яно ж было пакладзена ў аснову Елізавецінскага выдання 1751 г.

У Астрожскай друкарні, якая праіснавала 34 гады, былі надрукаваны дзесяткі кніг – вучэбных, павучальных, апалагетычных і асветніцкіх. Можна сцвярджаць, што выдавецкая дзейнасць Астрожскага і яго друкарні паспрыяла ажыўленню ўсёй выдавецкай справы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а падрыхтоўка і выданне Астрожскай Бібліі безумоўна станоўча паўплывала на развіццё асветы і багаслоўскай думкі ў Праваслаўнай Царкве.

Пры тыражы каля 1000-1500 экземпляраў да нашага часу дайшло больш за 260 асобнікаў Астрожскай Бібліі, якія захоўваюцца ў музеях, бібліятэках, архівах Украіны, Расіі, Беларусі, Польшчы, Літвы, Румыніі, Ватыкана, Грэцыі, Сербіі і іншых краін.

ПАМЯЦЬ НАШЧАДКАЎ

Дабраверны князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі дажыў да глыбокай старасці і спачыў 13 (26) лютага 1608 г. Апошнія гады ён жыў у родавых замках Крупы і Дубна на Украіне. Пасля спачыну яго цела было перавезена ў Астрог і пахавана ў Богаяўленскай замкавай царкве. Смерць дабравернага князя выклікала глыбокі смутак усіх праваслаўных, і нават у недобразычліўцаў светлы вобраз змагара за веру бацькоў выклікаў міжвольную павагу.

У сваім завяшчанні князь, акрамя клопату пра двух сыноў, паміж якімі ён раздзяліў свае ўладанні, значную колькасць земляў і паселішчаў завяшчаў архіерэйскім кафедрам, манастырам і прыходскім цэрквам.

Як пры жыцці, так і пасля смерці імёны князёў Астрожскіх заставаліся сімвалам патрыятызму і адданасці веры бацькоў, непахіснасці ў адстойванні парушаных правоў. Ім прысвячаліся панегірыкі, пахвальныя словы, прадмовы да кніг. Надзвычай высока ацэньвалася роля роду Астрожскіх як адказных перад Богам за лёс Царквы і свайго народа ў канцы XVI — пач. XVII ст. Гэта было звязана з ускладненнем грамадска-палітычнага і царкоўна-канфесійнага становішча ВКЛ і разам з тым — абвостраным усведамленнем грамадскасцю ўласных гістарычных каранёў, адметнасці шляху заходне-рускіх земляў. «Парасткам Уладзіміра Вялікага, які рускую зямлю ахрысціў» называў князя К.К. Астрожскага ў 1598 г. епіскап Уладзімірскі Іпацій Пацей. Пісьменнік Герасім Сматрыцкі ў вершы, які завяршаў прадмову да Астрожскай Бібліі, падкрэсліваў не толькі кроўную, але і духоўную пераемнасць Астрожскіх са святым Уладзімірам:

Владимир бо свой народ Крещением просветил,

Константин же благоразумия Писанием осветил…

Вядомы пісьменнік-палеміст і царкоўны дзеяч Стэфан Зізаній да свайго перакладу з грэчаскай «Казанья святого Кириллла патріаръхи іерусалимъскаго…» (Вільня, 1596) склаў прадмову, прысвечаную князю К.К. Астрожскаму. Нават ідэолаг езуітаў Пётр Скарга, прысвяціў К.К. Астрожскаму, як чалавеку «першаму ў тым грэцкім законе і нараджэннем ад вялікіх продкаў і найбольшаю заможнасцю», палемічны трактат «Пра еднасць Божае царквы» (1577).

У 1908 г. у Мінскай епархіі ўрачыста адзначалася 300-я гадавіна памяці князя К.К. Астрожскага. Да гэтай даты было прымеркавана адкрыццё Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага Камітэта. Па благаславенню Праасвяшчэннага Міхаіла (Цемнарусава), епіскапа Мінскага і Тураўскага, на акце адкрыцця быў заслуханы даклад А.М. Панова, прысвечаны падзвіжніцкай дзейнасці князя К.К. Астрожскага на карысць Царквы і Бацькаўшчыны. Актывам Камітэта былі распрацаваны прапановы па правядзенні ўрачыстасцяў да юбілею:

урачыста адслужыць у цэрквах Мінскай епархіі літургіі і паніхіды па князю;

арганізаваць сходы, дзе пазнаёміць грамадскасць з яго жыццём і дзейнасцю;

правесці хрэсныя ходы з удзелам праваслаўных брацтваў;

вызваліць вучняў, асабліва духоўных школаў, ад вучэбных заняткаў;

выдаць кароткае апісанне жыцця князя і распаўсюдзіць у тысячах экземпляраў па гарадскіх і вясковых прыходах.

У афіцыйнай частцы гэтага выдання было змешчана распараджэнне Мінскай духоўнай кансісторыі з нагоды 300-годдзя дня спачыну князя, у якім Праасвяшчэнны абавязваў духавенства епархіі ў першую пасля 13 лютага нядзелю ва ўсіх цэрквах прачытаць жыццяпіс і распавесці народу пра вялікія заслугі і дзейнасць князя Астрожскага на карысць Праваслаўя і адправіць па ім паніхіды; падрыхтаваць брашуры з апісаннем жыцця і дзейнасці князя для бясплатнай раздачы ў цэрквах і для рассылкі.

Памяць дабравернага князя ў тым годзе ўшаноўвалася таксама на Украіне і ў Расіі. 13 лютага 1908 г. адбылося ўрачыстае паседжанне Галіцка-рускага дабрачыннага таварыства, на якім прафесар П.М. Жуковіч зачытаў гістарычнае паведамленне «Князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі ў барацьбе з царкоўнай уніяй». У выступленні быў дадзены адказ тым гісторыкам і ідэолагам уніі, якія залічвалі К.К. Астрожскага да свайго лагера, нагадваючы, што быў час, калі Астрожскі цікавіўся пытаннем аб злучэнні Усходняй і Заходняй цэркваў. Але, як гаварылася ў выступленні, сам К.К. Астрожскі, пачынаючы з моманту першых задумаў уніі епіскапамі, усім сваім наступным жыццём даказваў, што з задуманаю і ажыццёўленаю польскім урадам і заходне-рускімі епіскапамі уніяй не меў нічога агульнага». У гэтым жа, юбілейным 1908 г., пабачылі свет выданні Ф.І. Цітова (Кіеў), протаіерэя Канстанціна Лявіцкага (Жытомір), А.М. Панова (Мінск), прысвечаныя К.К.Астрожскаму.

У Вільні па ініцыятыве Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў 1908 г. быў закладзены, а ў 1913 г. асвячоны храм-помнік да 300-годдзя памяці князя К.К.Астрожскага. На мемарыяльнай дошцы Канстанціна-Міхайлаўскага храма залатымі літарамі напісана прысвячэнне: «В память ревнителя и защитника православной народности».

Праз 90 гадоў у Беларусі стала магчымым ушанаваць сярод верных сыноў Царквы і Бацькаўшчыны імя дабравернага князя Астрожскага. Да 390-й гадавіны яго памяці з благаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта ў Мінску быў праведзены ўрачысты сход прадстаўнікоў Царквы і грамадскасці, у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска была адслужана ўрачыстая паніхіда, выдавецкі аддзел Брацтва ў гонар святых Віленскіх Мучанікаў надрукаваў жыццяпіс князя і распаўсюдзіў у сотнях экземпляраў. Да гэтай даты былі прымеркаваны і навукова-багаслоўскія епархіяльныя чытанні з удзелам духавенства, царкоўных гісторыкаў, навукоўцаў, журналістаў. На радзіме Канстанціна Астрожскага, у Тураве, намаганнямі Брацтва быў устаноўлены і асвячоны памятны знак (скульптар М.Інькоў, архітэктар М. Сальнікаў). Удзельнікі навукова-багаслоўскіх чытанняў здзейснілі паломніцтва па месцах, звязаных з слаўным родам Астрожскіх па гарадах Мінск — Тураў — Астрог, у час якога змаглі наведаць замак Астрожскіх, ушанаваць месца спачыну князя Канстанціна ( Васілія) каля Богаяўленскага сабора, пакланіцца мошчам прападобнага Фёдара Астрожскага.

Заслугі Канстанціна Канстанцінавіча і сёння ўшаноўваюцца ўдзячнымі нашчадкамі. На працягу апошніх 10-ці гадоў па ініцыятыве Брацтва ў гонар святых Віленскіх мучанікаў у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска штогод 26 лютага адпраўляецца паніхіда ў памяць дабравернага князя Канстанціна (Васілія) і праводзяцца Астрожскія царкоўна-асветніцкія чытанні.

У Беластоку (Польшча) заснаваны фонд імя князя Астрожскага. За значны ўклад у справу нацыянальнага і духоўнага Адраджэння медалём і ганаровай прэміяй імя Канстанціна (Васілія) Астрожскага кожны год узнагароджваюцца рупліўцы на ніве праваслаўнага асветніцтва.

У 2008 г. у Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіне, Літве будзе ўрачыста адзначацца 400-годдзе памяці славутага асветніка і грамадскага дзеяча К.К. Астрожскага.



 

 
 

Тематические разделы: Святой Синод | Документы | События | История | Искусства | Школы | Святыни | Богословие | Епархии
Путеводитель: Первая страница | Поиск по сайту | Схема сайта | Контактная информация | Администратор

© 2006 Белорусская Православная Церковь
"Официальный портал Белорусской Православной Церкви". При перепечатке материалов ссылка на сайт обязательна.
e-mail администратора: churchby@mail.ru

Услуги мобильного Интернета предоставлены компанией Velcom