ЛЯВОНЦІЙ КАРПОВІЧ, АРХІМАНДРЫТ ВІЛЕНСКАГА СВЯТА-ДУХАВА МАНАСТЫРА
Лявонцій Карповіч (свецкае імя Логін) нарадзіўся каля 1580 г. у сям`і праваслаўнага свяшчэнніка са шляхецкага роду Карповічаў з Пінскага павету. Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні, якая адрознівалася высокім узроўнем падрыхтоўкі навучэнцаў. Лявонцій Карповіч глыбока шанаваў веру бацькоў, таму стаў актыўным праціўнікам Брэсцкай царкоўнай уніі, якая фактычна паставіла Праваслаўную Царкву па-за законам. Лявонцій уступіў у Віленскае Свята-Духава брацтва, дзейнасць якога ў абарону Праваслаўя была шырока вядома на абшарах Вялікага княства Літоўскага. Дзякуючы высокай адукаванасці і актыўнасці Лявонцій меў вялікі аўтарытэт сярод братчыкаў. У 1609 г. быў абраны свецкім паслом на Варшаўскі сейм, дзе абараняў інтарэсы праваслаўных. Не пазней 1609 г. прыняў манашаскі пострыг, быў пасвячаны ў сан іераманаха, а затым архімандрыта. Пасвячэнне ў сан, верагодна, здзейсніў адзіны на той час праваслаўны епіскап Львоўскі Іерамія.
У 1592 г. пры Віленскім Свята-Духавым манастыры была заснавана друкарня, якая сярод іншых выдавала кнігі, накіраваныя супраць уніі і каталіцызму ў абарону Праваслаўя. Лявонцій Карповіч спачатку служыў там карэктарам. У 1610 г. зламыснікі данеслі каралю, што Віленская друкарня выпускае антыўрадавыя пасквілі. Спецыяльным загадам караля Жыгімонта III Вазы друкарня была закрыта, а Лявонцій арыштаваны. Шляхта Пінскага павету прадставіла каралю сведчанні, што Карповіч як чалавек шляхецкага паходжання, не можа быць зняволены. Але гэта не дапамагло і а. Лявонцій напрацягу двух гадоў адбываў турэмнае зняволенне. Яго пасадзілі ў аковы, цягалі па судах, перавозілі з адной турму ў другую. Але Лявонцій быў нязломны ў сваіх перакананнях. За два гады пакутаў на целе Карповіча ад цяжкіх аковаў утварыліся язвы, сляды ад якіх былі відаць нават пасля яго смерці.
Праз некаторы час пасля вызвалення з вязніцы Лявонцій Карповіч стаў першым настаяцелем Віленскага Свята-Духава манастыра, увёў там кінавійскі статут. Адначасова ён узначальваў брацтва, быў рэктарам брацкай школы.
У 1612 г. ён падпісаў грамату на будаўніцтва Мінскага Петра-Паўлаўскага манастыра і паслаў у Мінск неабходную колькасць інакаў для ўладкавання манастырскага жыцця і назірання над будаўніцтвам. У 1618 г. архімандрыт Ляонцій падпісаў грамату на пабудову ў Мінску жаночага Свята-Петра-Паўлаўскага манастыра і апекаваўся абодвума манастырамі да свайго спачыну.
У часы архімандрыта Лявонція Карповіча Віленскі Свята-Духаў манастыр стаў апорай Праваслаўя, цэнтрам духоўнасці і асветніцтва ў краі. Лявонцій Карповіч узначальваў навучальную і выдавецкую дзейнасць праваслаўнага брацтва ў Вільні і Еўі (цяпер Вевіс, Літва), быў першым рэктарам брацкай школы. Пад яго кіраўніцтвам была праведзена рэформа, у выніку якой школа стала двухступеннай, класічнага ўзору навучальнай установай.
Архімандрыт Лявонцій быў вядомы строгім манашаскім ладам жыцця, што адзначалі нават уніяцкія іерахі. Быў шырока вядомы як пастыр Хрыстоў і добры прапаведнік, яго пропаведзі прыходзілі паслухаць нават іншаверцы. У 1615 г. былі надрукаваны дзве яго пропаведзі: на Праабражэнне Гасподняе і на Успенне Прасвятое Багародзіцы. У 1619 г. архімандрыт Ляонцій сказаў надмагільнае слова на адпяванне ў Віленскім Свята-Духавым манастыры князя Васілія Галіцына. Той разам з мітрапалітам Філарэтам (Раманавым) некалькі гадоў знаходзіўся ў польскім палоне і памёр у Гродне, калі, адпушчаны, вяртаўся дадому. Слова было надрукавана на беларускай і польскай мовах. Архімандрыт Карповіч аўтар прадмовы да кнігі манаха Фікарыя “Вертаград душэўны” (Вільня, 1620) і прадмовы да выдання перакладу тлумачэнняў Іаана Златавуснага на “Ойча наш”. Творы Лявонція Карповіча напісаны ва ўзнёслым стылі, вельмі эмацыянальныя, прасякнутыя глыбокай верай, любою да Бога і чалавека.
Калі ў 1620 аднаўлялася ў Кіеве праваслаўная іерахія для ўсёй заходне-рускай царквы, архімандрыт Віленскага Свята-Духава манастыра Лявонцій Карповіч быў выбраны кандыдатам на архіерэйскае месца і быў ужо намінантам (названым епіскапам) на Уладзіміра-Брэсцкую кафедру. Але ў гэты час інак-падзвіжнік ужо быў цяжка хворы і не мог адправіцца ў Кіеў на пасвячэнне ў епіскапа. Спачыў ён у верасні 1620 г. Цела яго шэсць тыдняў стаяла ў храме, пакуль не вярнуўся з Кіева яго пераемнік архіепіскап Мялецій Сматрыцкі. У надмагільным слове Мялецій сказаў, што: “Сведчаннем цярплівасці гэтага святога спаведніка і мучаніка служаць язвы, нацёртыя аковамі на гэтым пачэсным целе, якое хоць ужо 6 тыдняў як мёртвае, але благадаццю жывучага ў ім жыватворнага Духа застаецца непашкоджаным…”. У працяг гэтага архімандрыт Кіеўскай лаўры Захарыя Капысценскі ў 1521 г. ахарактырызаваў спачылага ў наступных словах: “блажэнны Лявонцій Карповіч, архімандрыт Віленскі, муж богадухнавенны, у мовах грэчаскай і лацінскай знакаміты, абаронца пабожнасці”.
Ёсць ускосныя сведчанні, што ў 17 ст. архімандрыта Лявонція ўшаноўвалі як святога. Пазней, у часы панавання уніі яго імя і падзвіжніцкая дзейнасць былі забыты. У 1865 г. было адноўлена Свята-Духава брацтва, якое ў многім пераняло традыцыю ранейшага. Стараннем брацтва ў 1897 г. адбылося юбілейнае святкаванне 300-годдзя заснавання Віленскага Свята-Духава храма і манастыра. У час урачыстага богаслужэння на ліціі сярод іншых паміналася і імя яго першага настаяцеля – архімандрыта Лявонція Карповіча. Гэтая традыцыя працягваецца ў адроджаным Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы, дзе Лявонцій, архімандрыт Віленскі памінаецца на ліціі за кожным усяночным трываннем.
|